СУБАНТАРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС, субантарктыка,
прыродны геагр. пояс у Паўд. паўшар’і паміж умераным поясам і антарктычным поясам. Ахоплівае акваторыю акіяна і астравы на Пн ад Антарктыды (паміж 58—60° і 65—67° паўд. ш.). Межы вызначаюцца сезоннымі перамяшчэннямі атм. фронту, які раздзяляе паветра антарктычнае і ўмераных шырот. Клімат акіянічны, вільготны, ападкаў каля 500 мм за год (пераважна ў выглядзе снегу), частыя мяцеліцы, штармавыя вятры, туманы. Зімой т-ры паветра ад -5 °C да -15 °C, вады ад -1,5 °C да -2 °C, акіян укрыты плаваючымі ільдамі, айсбергамі. Летам т-ра паветра і вады каля 0 °C. Салёнасць вод 33—34‰. Значнае ветравое хваляванне і зыб (выш. хваляў да 10 м). Воды багатыя гіланктонам, рыбай, трапляюцца кітападобныя. На астравах — лішайнікі, травы, кусты.
А.Я.Яротаў.
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)